Национальный олимпийский комитет Республики Беларусь
8 февраля 2018
У Мінску абмеркавалі культурную спадчыну II Еўрапейскіх гульняў

Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года сумесна са сваім медыяпартнёрам, інфармацыйным агенцтвам і радыё Sputnik Беларусь, правялі круглы стол па тэме шматмоўя і культурнай спадчыны надыходзячага спартыўнага форуму. Для абмеркавання пытанняў у рэдакцыі агенцтва сабраліся эксперты і чыноўнікі, якія прама ўплываюць на фармуляванне моўных і культурных аспектаў II Еўрапейскіх гульняў.

TOL_2811-768x511.jpg

Абмеркаванне адкрыў намеснік дырэктара дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года Анатоль Котаў. Ён агучыў галоўную задачу, якую неабходна рэалізаваць падчас культурнай праграмы мультыспартыўнаг форуму – «паказаць Беларусь так, каб нашу краіну палюбілі і зразумелі, прадэманстраваць яе культурнае багацце, бо Беларусь гэта адна з 50 роўных краін Еўропы са сваёй гісторыяй і культурай». Па словах Котава, мовай-дамінантам будзе, безумоўна, англійская, бо нам трэба прымаць еўрапейскія спаборніцтвы. Аднак і выкарыстанне беларускай мовы стане сур’ёзным напрамкам для дзейнасці дырэкцыі. У  гэтай сувязі, Котаў адзначыў, што «ўжо цяпер тая стылістыка, якая распрацавана вакол Гульняў наўпрост адсылае да беларускіх традыцый і легенд, якія мы жадаем данесці да ўсяго свету». Анатоль Котаў таксама заўважыў, што сама дырэкцыя ў паўсядзённай дзейнасці выкарыстоўвае, галоўным чынам, тры мовы — англійскую, беларускую і рускую.

TOL_2791-768x511.jpg

Далей слова узяў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Лёгкі. На яго думку, надыходзячыя Еўрапейскія гульні — гэта магутная PR-кампанія ўсёй краіны, што пойдзе на карысць як міжнароднага іміджа Беларусі, так і яе эканомікі. Галоўны ўпор у гэтай кампаніі, па словах намесніка міністра, павінен быць зроблены на сацыяльныя сеткі і блогасферу. Безумоўна, арганізатары не павінны адмаўляцца і ад традыцыйных прэс-тураў, друкаванай прадукцыі. «У нас вельмі вялікая культурная спадчына, багатая гісторыя, нам ёсць чым ганарыцца і арганізатарам варта падумаць, што сярод усёй гэтай разнастайнасці мы павінны паказаць перш за ўсё, бо нашы будучыя госці прыедуць у краіну на кароткі тэрмін» — адзначыў Павел Лёгкі. Што тычыцца моўнага асяроддзя, то, па словах намесніка міністра, яно павінна быць не толькі гарманічна звязана з мэтамі і задачамі прасоўвання нашай культуры, але і накіравана на стварэнне дастаткова камфортных умоў для гасцей краіны. У працяг прамовы, намеснік міністра заўважыў, што ўсяму беларускаму грамадству неабходна кансалідавацца, каб падаць Беларусь не толькі як гасцінную краіну, але і як прыгожую, цікавую частку Еўропы. «Я думаю, што ўсе перадумовы для гэтага ёсць, бо для кожнага беларуса, не залежна ад таго, якіх поглядаў ён прытрымліваецца, павінна быць важна, каб такое мерапрыемства прайшло на самым высокім узроўні» — падвёў высновы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Развіваючы думку Паўла Лёгкага, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім выказала меркаванне пра тое, што, перасякаючы мяжу, гледачы і ўдзельнікі II Еўрапейскіх гульняў павінны адразу зразумець, што заехалі яны менавіта ў Беларусь, а не ў якую-небудзь іншую краіну. У гэтай сувязі вялікая роля мовы, якую пачуюць замежнікі. На думку Анісім, дзеля гэтага карысным будзе павялічыць ужыванне беларускай мовы ў інфармацыйнай, аўдыё- і тэле-прасторах Беларусі, укараніць інфармацыйныя табло і аб’явы прыпынкаў на беларускай мове не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах краіны. Акрамя таго, дэпутат надала вялікую ўвагу неабходнасці выкарыстання і шмат іншых еўрапейскіх моў акрамя англійскай. Анісім таксама прапанавала арганізаваць шэраг выступаў сучасных беларускіх музыкаў розных жанраў і плыняў у рамках папулярызацыі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Напрыканцы сваёй прамовы, дэпутат Анісім адзначыла, што «нам вельмі важна, каб пры практыцы пашырэння ўжывання беларускай мовы людзі сыходзілі з разумення важнасці гэтай справы, а не рабілі яе ў прымусова-загадным парадку».

Ганаровы старшыня «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў прапанаваў магчымыя напрамкі экскурсійных маршрутаў за межамі Мінска. Так, можна было б распрацаваць маршрут «Беларусь — краіна замкаў», у межах якога за адзін дзень можна наведаць чатыры замка: у Нясвіжы, Міры, Лідзе і Навагрудку. Пазнаёміцца са старажытнай культурай Беларусі спадар Трусаў прапануе і ў Заслаўі, аднак, па словах гісторыка, перш чым распрацоўваць гэты маршрут варта аформіць яго культурнае напаўненне, у тым ліку ўвесці аб’явы на беларускай мове ў электрычках. Яшчэ адзін цікавы маршрут на думку Трусава — гэта шматнацыянальны гарадскі пасёлак Смілавічы. Алег Трусаў таксама заўважыў, што паралельна варта весці працу з тэлебачаннем, у тым ліку зрабіць перадачы турыстычнай скіраванасці на беларускай мове з субтытрамі, бо тэлебачанне таксама з’яўляецца візітнай карткай краіны. Кажучы пра замежныя мовы, спадар Трусаў падрымаў Алёну Анісім у пытанні іх больш пашыранага выкарыстання,  падкрэсліўшы  важнасць ужывання іспанскай і італьянскай моваў. Напрыканцы прамовы Алег Анатольевіч прапанаваў ужо зараз працаваць з мясцовымі жыхарамі і ў Смілавічах, і ў Заслаўі, і з валанцёрамі ў цэлым, каб яны мели магчымасць распавесці кожнаму турысту пра гісторыю і культуру свайго роднага краю.

Наступным слова ўзяў намеснік начальніка ўпраўлення культуры і культурна-асветніцкай працы Мінгарвыканкама Аляксандр Шэстакоў. Ён адзначыў, што падчас правядзення II Еўрапейскіх гульняў  плануецца арганізаваць фан-зоны і зоны гасціннасці на якіх будзе падрыхтавана культурная праграма з дэманстрацыяй гісторыі нашай краіны, яе сімвалаў і каштоўнасцяў. Шэстакоў таксама засяродзіў увагу на тым, што ў 2019 годзе для гасцей Мінска  будуць створаны розныя музейныя экспанаты і выставы, распрацаваны шматлікія культурныя праграмы каля спартовых аб’ектаў, якія можна было б наведаць у вольны ад Гульняў час.

Развіваць ідэю зменаў у гарадской прасторы таксама падхапіў і Алег Трусаў. Гісторык прапанаваў зрабіць некаторыя вуліцы сталіцы пешаходнымі. Пры гэтым ганаровы старшыня «ТБМ» адзначыў, што пачынаць трэба ўжо сёння, бо людзі павінны прывыкнуць да новаўвядзення яшчэ да Гульняў.

Прысутнічаў на абмеркаванні пытанняў круглага стала і галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч, які падкрэсліў важнасць выкарыстання беларускай мовы ў журналісцкіх матэрыялах і іх наяўнасці на асноўных турыстычных і лагістычных аб’ектах, у тым ліку, з мэтай стварэння першага ўражання  аб краіне ў турыстаў.

Аляксандр Вавілаў, вядомы беларускі рэжысёр-пастаноўшчык , у творчым партфоліё якога значацца такія праекты, як «Славянскі базар у Віцебску» і «Залаты шлягер» распавёў, што ён хацеў бы зрабіць цырымоніі адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў, якія паказалі б, што мы ўсе разам, талакой, гатовыя распавесці пра нашу краіну, што ў нас няма разладу, а ёсць гонар за тое, што мы захавалі культуру.  «Еўрапейскія гульні — гэта ўнікальная магчымасць для горада і краіны распавесці пра сябе і пра тое, што ў нас ёсць не толькі вялікае мінулае, але і сённяшняя сучаснасць і тое, якім мы бачым нашу будучыню. У нас вялікая шматнацыянальная каманда, дзе працуюць не толькі беларусы. І ўсе разам мы хочам зрабіць шоў, якое пабачыць і ўспрыме ўся Еўропа» — адзначыў спадар Вавілаў.

Напрыканцы круглага стала ўдзельнікі прыйшлі да агульнай высновы, што не варта шукаць вінаватых у тых ці іншых моўных і культурых праблемах, якія зараз могуць існаваць, а больш думаць пра будучыню Беларусі і шляхах яе развіцця.

Матэрыял дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года

Фота: Sputnik (Віктар Талочка)


Поделиться: